Вынікі тыдня беларускай мовы і літаратуры

30.11.2020

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца адной з форм пазакласнай працы. Ён праводзіцца, каб узмацніць матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны.

У 2020/2021 навучальным годзе тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе прайшоў з 23.11 па 28.11 пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”

Удзельнікамі мерапрыемстваў тыдня былі вучні 1-11 класаў, а таксама настаўнікі школы.

Як гэта было…

Пачаўся наш тыдзень з вітання ўсіх членаў нашай школьнай сям’і музычнымі кампазіцыямі ў выкананні спевакоў і гуртоў розных часоў і пакаленняў. Песні, якія гучалі на кожным перапынку на працягу дня, абуджалі ў кожнага слухача прыемныя пачуцці любові і гонару за родную краіну. Яшчэ ў гэты дзень па ўсёй школе былі размешчаны выказванні, прысвечаныя беларускай мове, і гумарыстычныя малюнкі «Мова знаемая і незнаемая», на якіх падавалася значэнне спрадвечна беларускіх слоў. Гэтыя словы (ёсць спадзяванне) не будуць больш выклікаць пытанняў аб іх значэнні.

Далей праходзіў конкурс насценгазет "Зямля пад белымі крыламі”, у якім прынялі ўдзел вучні 5-11 класа. Пераможцамі конкурсу сталі: 11 клас (1 месца), 8 клас (2 месца), 9 клас (3 месца). Вялікі дзякуй усім удзельнікам! Усе насценгазеты былі прыгожа аформленыя і вартыя ўвагі.

У сераду прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў “Паэтычны Алімп”, удзельнікамі якога былі вучні 5-11 класаў. Вельмі прыгожа гучалі вершы знаемых і незнаемых беларускіх аўтараў. Але найлепшыя выканаўчыя здольнасці паказалі Новік Паліна (9 клас), Власавец Дзіяна (9 клас), Ягнешык Ілья (7 клас) і Пекарская Паліна (7 клас). Віншуем пераможцаў!

Вучні малодшых класаў праявілі свае здольнасці ў выставе “Арт-талент «Нацыянальныя ўзоры»”, на якой былі размешчаны намаляваныя імі беларускія ўзоры.

На працягу тыдня праходзіла і кніжная выстава “Песняры беларускай зямлі”, дзе можна было даведацца пра класікаў беларукай літаратуры і сучасных аўтараў.

Сярод вучняў старэйшага звяна прайшоў урок-візуалізацыя "Нобелеўскія лаўрэаты Беларусі”, на якім гучалі звесткі пра беларускіх аўтараў, вядомых ва ўсім свеце, а таксама падрыхтавана прэзентацыя па дадзенай тэме.

Вельмі жыва і цікава прайшла інтэлектуальная гульня-віктарына «Таямніцы беларускіх слоў» сярод вучняў 9-10 класаў, у якой каманда 9 класа “Маланка” паказала лепшыя веды беларускай культуры і перамагла каманду 10 класа “Тутэйшыя”.

У канцы тыдня члены школьнага аб’яднання па інтарэсах “Імпульс” правялі апытанне вучняў і настаўнікаў школы на прадмет ведання беларускай мовы, яе значэння ў сусветнай культуры. Большая частка апытаных згадзілася з тым, што мы не размаўляем ў паўсядзенным жыцці на роднай мове, таму што некалькі пакаленняў не рабіла гэтага. Але амаль усе ўпэўнены, што наша мова прыгожая, мілагучная, і, калі мы хочам не прапасці ў сусвете як нацыя, трэба адраджаць забытую літаратуру, культуру, а пачынаць рабіць першыя крокі ў гэтым кірунку павінна новае пакаленне, размаўляючы хаця б дзень – два са сваімі бацькамі, сябрамі, настаўнікамі на беларускай мове.

Падводзячы вынік правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры, хочацца адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, актыўны ўдзел настаўнікаў і вучняў, іх неабыякавасць. Будем жа і далей актыўна працягваць работу па папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнай культуры, таму што мы ўсе адказныя за лёс Беларусі! ФОТАМАТЭРЫЯЛ